Усё радзей мы чуем пра такую жахлівую з’яву, як сталінскія рэпрэсіі. Быццам не з намі, беларусамі, тое было. Быццам не нашых дзядоў і прадзедаў расстрэльвалі, гнаілі ў турмах ды лагерах, кідалі на сгубу ў Сібірскую тайгу на голы снег.
У школьных падручніках “рэпрэсіяў” амаль няма. У гэтам плане нашыя сучасныя падручнікі нічым не лепшыя за савецкія. Чаму так? З’ява ясная. Прэзыдэнт не бачыць нічога злачыннага ў тым, што рабіў Сталін і яго падначаленыя. Больш таго – ён захапляецца Сталінам. Не выпадкова ў Беларусі з’яўляюцца “лініі Сталіна”, узводзяцца помнікі “бацьку народаў”.
Між тым, якраз у нашым Мастоўскім раёне вядомы беларускі гісторык Ігар Кузняцоў адзначыў адно з самых вялікіх месцаў масавых растрэлаў і пахаванняў сталінскага перыяду.
Фота: наш раён – у эпіцэнтры сталінскай мясарубкі.
Напомнім: у 1939 годзе Заходняя Беларусь, якая была часткай Польшчы, у выніку нападу Гітлера на Польшчу стала Савецкай. І першае, што зрабіла новая ўлада – гэта пачала арыштоўваць і расстрэльваць, у першую чаргу, польскіх афіцэраў, а потым – і “ненадзейнае” мясцовае насельніцтва. На думку Ігара Кузняцова, Масты як раз знаходзяцца ў эпіцэнтры аднаго з такіх крывавых “арэалаў”. Па Гродзенскай вобласці іх няшмат, у адрозненні ад Усходняй і цэнтральнай часткі Беларусі. Тут сталінская ўлада не паспела разыйсціся – страшэнныя 1936-38 гады нашы дзяды і прадзеды перажылі пад польскай уладай. Мо, таксама не цукар, але ніхто іх фізічна не вынішчаў. А потым “стаханаўскую” дзейнасць НКУС перапыніла Другая сусветная…
На жаль, ні ў прэсе, ні ў падручніках, ні па дзяржаўнаму тэлебачанню мы нічога не пачуем аб тых жудасных падзеях. Відаць, наша ўлада адчувае сваё радство з уладай сталінскай, раз не лічыць патрэбным неяк асвятляць тыя падзеі, не бачыць ў іх нічога злачыннага. Чакае, каб мы забыліся. Не помнілі. Тым лягчэй будзе вярнуць тую самую сталінскую сістэму, дзе чалавек – “вінцік”. Дзе за сказанае супраць улады слова можна атрымаць кулю ці дзесяць гадоў лагеру. А вось мы абавязаны памятаць. Бо яшчэ аднаго Сталіна мы не перажывем.
Зміцер Каханоўскі
Вам таксама можа спадабацца