За апошніх сто гадоў беларусы перажылі дзве вялікія вайны. Самыя жахлівыя ў свеце. Першую і Другую сусветныя. Помнікі тых войнаў навокал нас – у тым ліку вайсковыя і братэрскія могілкі.
Але раз-пораз задумваешся: тыя пахаванні, якія мы бачым – гэта пахаванні расейскіх або савецскіх воінаў. А дзе ж ляжаць тыя, хто ваяваў супраць? Дзе пахаваныя немцы, якіх безліч палягло на нашай зямлі?
Такія могілкі ёсць. І на Мастоўшчыне таксама. Напрыклад, вайсковыя могілкі пад Мікелеўшчынай.
Фота: гэта лясная палянка – могілкі.
Праўда, ляжаць ў гэтай зямлі салдаты яшчэ з Першай Сусветнай вайны. Ляжаць, але спакою ім няма і сёння.
Патомкі пераможаў не застаўляюць у супакоі косці салдат даўно разбітай арміі. Выкапаныя ямы на месцах магіл сведчаць, як мы шануем памяць мёртвых.
Фота: гэта магіла. Ужо абрабаваная.
Под гэтымі плітамі ўжо няма магіл. Пліты перанеслі ў другое месца. І вельмі слушна: бо якраз магільныя камяні і выдавалі знаходжанне магіл “чорным капацелям”. А іх тут пабывала – безліч, калі лічыць па тым ямам, якія раскіданы навокал.
Фота: тут “капалі” зусім нядаўна.
Можа, цяпер гэтыя косці будуць ляжаць спакойна. Яно, вядома: мёртвым не баліць. Але ж павінна балець нам… Жывым.
Фота: дата смерці – 1915 год. Жывая гісторы… Прабачце – мёртвая.
Ведаеце, што уразіла больш за ўсё? Не, нават не тое, што на мёртвых нажываюцца. І не тое, што мы не шануем саму смерць. Ведаючы нашу гісторыю, іншы раз не разумееш, як беларусы змаглі ўвогуле выжыць. І застацца людзьмі. І справа нават не ў войнах і рэвалюцыях… Здзіўляе тое, што нашы былыя ворагі – салдаты Германскай арміі пахаваныя кожны ў асобнай магіле. Дзе на камяні выбіты звесткі – каб памяталі.
Нават над тымі, імя якіх невядома. Якіх мы завем “Невядомы салдат”.
Фота: nieznany – па-польску “невядомы”.
А што ж “нашы”? А большасць нашых дзядоў і прадзедаў, загінуўных у баях Першай і Другой сусветнай, ляжаць цяпер у “брацкіх” магілах. Дзесяткамі. Сотнямі. Часам тысячамі – у адной яме. Хіба ж так хаваюць людзей?!
Час быў такі, кажаце… Калі ж там хаваць па-людску, калі вакол…
А вось немцы магчымасць знаходзілі. У тыя самыя часы. На чужой ім зямлі.
Выбачайце нас, нашы загінуўшыя родныя. Выбачайце…
Зміцер Каханоўскі