Відэаролік, на якім невядомы мужчына беспадстаўна прыстае да грамадзяніна з дзіцём, пабачылі ў сеціве дзясяткі тысяч людзей, і большасць з іх лічаць тое правакацыяй.
Сутнасць падзеі такая. Аляксандр Мілюк 3 ліпеня вяртаўся пешшу з адзінаццацігадовым сынам з Мастоў у вёску Вялікія Сцяпанішкі, дзе ён стала жыве. Да яго стаў прыставаць незнаёмы мужчына і казаць розную несусвеціцу, у тым ліку што ён пазычаў грошы і не аддаў.
У гэты момант па вуліцы ехала патрульная міліцэйская машына, якую спыніў Мілюк, і папрасіў дапамогі. Дапамога была аказана дзіўным чынам. Затрымалі не толькі таго, хто ладзіў канфлікт, але і самога Мілюка.
Аляксандр Мілюк з`яўляецца сябрам ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў за вылучэнне ў кандыдаты на выбарах прэзідэнта Святланы Ціханоўскай. Першы раз яго затрымалі болей за месяц назад як сведку па нейкай «крымінальнай справе» і даставілі ў Гродна на допыт. Пасля допыту адпусцілі.
26 чэрвеня яго затрымалі зноў быццам бы за тое, што ён не спыніўся на знак «Стоп» на чыгуначным пераездзе, але праз паўгадзіны адпусцілі.
3 ліпеня а палове 12-й ля брацкай магілы ў Мастах пачаліся святочныя мерапрыемствы з нагоды Дня Незалежнасці: ускладанне вянкоў да помніка загінуўшым. На мерапрыемстве ў поўным складзе прысутнічала кіраўніцтва раёна. У гэты час на супрацьлеглым баку вуліцы Савецкай стаяў Аляксандр Мілюк з сынам і яшчэ адзін малады чалавек. На Аляксандры была майка з надпісам «Страна для жизни», і гэта ўсім кідалася ў вочы.
Пасля кароткай імпрэзы ўдзельнікі святочных мерапрыемстваў накіраваліся да стадыёна, а Мілюк з сынам пайшоў у другі бок. У гэты момант сярод кіраўніцтва раёна не стала начальніка міліцыі палкоўніка Шастака. З`яўляецца ён на мерапрыемстве толькі каля дзвюх гадзін у засяроджаным стане. У гэты ж час карэспандэнту «ГС» становіцца вядома, што затрыманы Аляксандр Мілюк.
Пасля таго, як Мілюк быў дастаўлены ў РАУС, ён з пацярпелага ператвараецца ў вінаватага. Аб тым сведчыць дакумент, які падпісаны начальнікам міліцыі грамадскага парадку падпалкоўнікам Літошам. Там указваецца: «…аб адміністрацыйным правапарушэнні ў адносінах Аляксандра Мілюка». Артыкул 17.1 КаАП РБ «дробнае хуліганства».
Усё, здавалася, ідзе па плане. Аднак Мілюк настойвае, каб яго абследавалі на наяўнасць алкаголю. Урэшце ён быў дастаўлены ў лякарню, і выявілася, што ён хворы на каранавірус. Мець пакаранне яму не давялося. Аднак розгалас меў шырокі рэзананс, і таму на сайце УУС Гродзенскага аблвыканкама з`явілася тлумачэнне па гэтым факце. У ім сказана, што ўдзельнікі канфлікту былі дастаўлены ў РАУС і апытаны.
Аляксандр Мілюк мае 34 гады, гадуе трох сыноў, працуе зваршчыкам, зарабляе 300-400 рублёў у месяц. Мае свой пункт гледжання і прытрымліваецца яго. Што да другога ўдзельніка канфлікту, то гэта Валянцін Ж. з вёскі Пескі.
Ва ўсім гэтым ёсць многа незразумелага: куды адлучаўся начальнік міліцыі? Чаму ў святочны дзень на рабочым месцы апынуўся падпалкоўнік Літош? Хто адкажа за псіхалагічную траўму, нанесеную дзіцяці?