50 тысяч беларусаў за тры дні падпісалі петыцыю супраць новага падатку да допуск аўтамабіля да дарожнага руху. Яна размешчана на сайце change.org. Ініцыятары акцыі абяцаюць перадаць дакумент з подпісамі міністру фінансаў Беларусі і «дэпутатам».
Праект закона аб дзяржаўным падатку з уладальнікаў аўто прыняты ў другім чытанні. “Дэпутаты” прагаласавалі за законапраект «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях прадпрымальніцкай дзейнасці і падаткаабкладання», які ўстанаўлівае, у тым ліку, увядзенне з 1 студзеня дзяржпошліны з уладальнікаў транспартных сродкаў за допуск аўтамабіля да ўдзелу ў дарожным руху.
“У звязку з тым, што ў акцыз кошту паліва ўжо закладзена сума адлічэнняў на рамонт дарог, лічым увядзенне новай пошліны немэтазгодным. Дадзены законапраект не ўлічвае той факт, што некаторыя аўтамабілісты выкарыстоўваюць транспарт у рэдкіх, выключных выпадках, ураўноўваючы іх з тымі, хто выкарыстоўвае аўтатранспарт пастаянна, а таксама ў камерцыйных мэтах”, – адзначаецца ў петыцыі.
На думку эканаміста Леаніда Заікі, новы падатак адлюстроўвае дзіравасць беларускага бюджэту.
– Навошта прыдумалі падатак на права ўдзелу ў дарожным руху? Калі ў Беларусі нармальнае насельніцтва, то яно павінна падняцца супраць гэтага падатку. Больш за 2 мільёны аўтаўладальнікаў, плюс сям’я. Гэта 7 мільёнаў чалавек. Дзяржава няхай атрымае 100 мільёнаў даляраў, але для дзяржбюджэту гэтыя грошы ўжо вялікія. Гэта сведчыць пра тое, што бюджэтная палітыка і даходы бюджэту сталі такой праблемай, што пачалі браць грошы з нічога.
Законапраект не ўлічвае той факт, што пры куплі аўтатранспарту, пры праходжанні тэхагляду, давядзецца зноў выплочваць пошліну, нягледзячы на тое, што папярэдні ўладальнік яе ўжо заплаціў», – лічаць ініцыятары збору подпісаў. Петыцыя была размешчана ў інтэрнэце 13 снежня. У наступным годзе ў Беларусі можа з’явіцца аналаг транспартнага падатку – дзяржпошліна за выдачу дазволу на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху. Плаціць яе давядзецца пры праходжанні дзяржаўнага тэхнічнага агляду як юрыдычным, так і фізічным асобам.
Крыніца: www.racyja.com