Пад Расейскай акупацыяй
Частка V
Ян Каменьскі-паўстанец
“Мы загінулі, але наш крык,
аплочаны сьлязьмі і крывёю –
застанецца ў паветры і тым,
што прыдуць пасьля нас –
памерці не дасьць…”
Эліза Ажэшка “Gloria victis”
У кастрычніку 1862 г. кіраўніком Літоўскага правінцыяльнага камітэту стаў Кастусь Каліноўскі. У канцы сакавіка 1863 г. ён зноў прыязджае ў Гародню з усімі паўнамоцтвам, і як рэвалюцыйны камісар ваяводства.
“Дзяцюкі, – зьвяртаецца Кастусь Каліноўскі да сялян – Жывучы пад рондам маскоўскім, кожны ведае, што ён нас абдзірае і глуміць, но мала хто добра падумаў, чы можна ад яго спадзяваціся чаго-лень для нас альбо для дзяцей нашых?” І ў канцы пісьма: “Так з гэтага пісьма і відна: што няма чаго ждаці ад нікога, бо той толькі жне, хто пасее. Дык сейце ж, Дзяцюкі, як прыйдзе пара, поўнаю рукою, не шкадуйце працы – каб і мужык быў чалавекам вольным, як е на цалюткім сьвеце. Бог нам дапаможа!!!” – Яська-гаспадар з-пад Вільні.
Кастусь Каліноўскі і Валеры Урублеўскі ствараюць рэвалюцыйны камітэт партыі “чырвоных”, аб’ядноўваюць пяць паветаў. Сябрамі камітэта сталі Баляслаў Заблоцкі, Аляксандр Гінтаўт, Ян Ваньковіч, Станіслаў Сонгін, Ігнат Казлоўскі, Фелікс Ражаньскі, Ян Заржыцкі. Камісію апекі ў складзе жаночага камітэта ачольвае Эліза Ажэшка. Гродзенская губернія дзеліцца на два ваяводства—Гродзенскае і Берасцейская.
Цывільным начальнікам Гродзенскага павету быў прызначаны Ян Каменьскі ўладальнік Мінявіч з Луненскай воласьці.
Ян Каменьскі названы Элізай Ажэшка “рыцарам з брыліянтавай душой” паслужыў ёй прататыпам Андрэя Карчыньскага ў рамане “Над Нёмнам”, а маёнтак Мінявічы названы ў рамане Карчынам, у 1862 г. зьвярнуўся да люду: “Маці Бацькаўшчына прыгаворана да сьмерці, як жа дзецям яе не плакаць… Павер у Міласердзе Божае, большае за грахі народу, малю братоў сваіх у поўным з’яднаньні выйсьці на адно поле, поле бітвы, са штандарам са знакам Арла і Пагоні і Міхала Анёла, да адной мэты, якой ёсьць вызваленьне Бацькаўшчыны.”
Вядома пра Яна Каменьскага, што ён нарадзіўся 16 сьнежня 1827 г. у фальварку Камянец пад Заблудавым. Пасьля заканчэньня вядомай гімназіі ў Сьвіслачы і атрымаўшы дадатковую навуку ў Маскве, загаспадарыў уласнасьць у Мінявічах, якая належыла яго роду з ХVІІ ст. Яго бацька Язэп Каменьскі, прыстойны бландзін, быў маршалкам шляхты Гарадзенскай. Маці Разалія ў дзявоцтве Мразоўская. Абое пахаваныя ў Луне каля касьцёла.
Двор у Мінявічах стаў месцам кантактаў, складам і кузьняй зброі для паўстанцаў.
Эліза Ажэшка так апісвае паўстанцаў, з каторымі мела непасрэдны кантакт у Кобрыньскім павеце: “Мноства постацей і твараў, вялікая разнастайнасьць іх афарбоўкі і выразу. Ёсьць тут сыны дамоў заможных, дзеці дастатку і элеганцыі, з несьцёртаў плямай іх у рухах і адзеньні. Ёсьць маладыя вучоныя, дзеці думкі і ведаў, з непазбытым іх сьвятлом на чолах і ў вачах. Ёсьць усе амаль лясьнічыя з плячамі шырокімі, позіркамі крыху панурымі, але хуткімі, для пранікненьня скрозь гушчы і змрокі прыстасаванымі. Ёсьць уся моладзь двароў дробнашляхецкіх, шпаркая, сьмелая, з усьмехамі лёгкімі размашыстымі рухамі. І ёсьць яшчэ некалькі постацяў кволых, наіменш выразных, прыдатныя быць ценямі, каторыя ідуць за тымі. Гэтых з мястэчак, дзе-нідзе з вёсак халопскіх, якіхсьці можа дарог памылковых і несчасьлівых прывялі сюды заклікі, каторыя сонныя душы страсянулі надзеяй будучыні лепшай, каторыя шаром сплылі на злую сучаснасьць.”
Гарачы абаронца народнай справы Ян Каменьскі братаўся з засцянковай (дробнай) шляхтай і быў у добрых адносінах з сялянамі ў сваіх уладаньнях. Але менавіта адзін з халопаў, нейкі Глэмбоцкі, злакоміўся на іудзіны срэбраньнікі і данёс царскім жандармам, што ў Мінявіцкім двары хаваюць зброю ды адліваюць кулі.
Гэта быў вынік дзейнасьці акупацыйных уладаў. Новы губернатар, прызначаны замест Назімава, стары бульдог Мураўёў, не абцяжарваў сябе развагамі пра высакароднасьць сродкаў. Што такое катаваньні і шыбеніцы, калі імперыя можа страціць сілкаваньне для аднаго са сваіх бясконца вырастаючых прагных шчупальцаў?
“Але найбольшая подласьць была – стварэньне атрадаў самааховы. Сялянам раздавалі зброю, каб яны “бараніліся” – змагаліся супраць паўстанцаў. Ім казалі, што гэта гонар, гэта давер цара, які робіць іх роўнымі з панамі, нават вышэй за бязбожных паноў. Давалі тры дзесяціны зямлі на сям’ю, за схопленага паўстанца – узнагарода. Прыгонныя інсургента вызваляліся ад паншчыны, панская маёмасьць мала стаць іхняй…”- Людміла Рублеўская.
Ян Каменьскі “посредник для дел владельцев” нёс службу, як абраная асоба. Віленьскі генерал-губернатар Мураўёў-вешальнік выкарыстаў дадзеныя яму царом надзвычайныя правы адносна дзяржаўных службоўцаў і выдаў Яну Каменьскаму сьмяротны прысуд, якога ня меў права рабіць для чыноўнікаў цывільнай службы.
“Бацька, прысуджаны да расстрэлу, стаяў ужо прывязаны да слупа, чакаючы на экзекуцыю, калі ў астатнюю хвіліну надышоў цырскі маніфест, каб што дзесятага асуджанага (была гэта экзекуцыя вялікай колькасьці паўстанцаў) ад кары сьмерці вызваліць, а выслаць у Сібір на пажыцьцёвую катаргу. Бацька быў тым дзесятым” – пераказвае ўспаміны дачкі Яна Каменьскага Марыі яе дачка ўнучка Яна.
“Бачыла напад пераможцаў, распіхваючых усіх ва ўсіх месцах, таптаўшых усё, што было нашым: на рэшткі людзей, застаўшыхся на зямлі, на мову, рэлігію, звычаі.
(…) Ня толькі не перабольшваю, але на чвэрць не магу заключыць тысячнага зместу той трагедыі, каторая полымем і мячом ударыла ў мае дваццацігадовыя вочы і сэрца”- пісала ў пісьмах Эліза Ажэшка.
22 ліпеня 1863 года гарадзенскі губернатар Уладзімір Бобрыньскі па прапанове віленскага генерал – губернатара Міхаіла Мураўёва распараджаецца “о строжайшем запрещении женщинам носить траур, а мужчинам польские национальные костюмы или же другие революционные знаки.” Аб’ява пра гэта была надрукавана ў “Гродненских губернских ведомостях” і асобнымі публікацыямі.
У 1864 г. паўстаньне было задушана, а Кастусь Каліноўскі 22 сакавіка 1864 г. павешаны на Лукішскім пляцы ў Вільні і тайна пахаваны, каб і магілы яго не было. У “Лісьце з-пад шыбеніцы” ён пісаў для свайго народу: “…Браты мае, мужыкі родныя. З-пад шыбеніцы маскоўскай прыходзіць мне да вас пісаці, і, можа, раз астатні. Горка пакінуць зямельку родную і цябе, дарагі мой народзе. Грудзі застогнуць, забаліць сэрца, — но не жаль згінуць за тваю праўду… Няма ш, браткі, большага шчасьця на гэтым сьвеце, як калі чалавек у галаве мае розум і науку… Но як дзень з ноччу не ходзіць разам, так не ідзе разам наука праўдзіва з няволяй маскоўскай. Дапокуль яна ў нас будзе, у нас нічога не будзе, не будзе праўды, багацтва і ніякай наукі, — адно намі, як скацінай, варочаць будуць не для дабра, но на пагібель нашу… Бо я табе з-пад шыбеніцы кажу, Народзе, што тагды толькі зажывеш шчасліва, калі над табою Маскаля ўжэ не будзе. Твой слуга Яська-гаспадар з-пад Вільні.”
Быў тады Ян Каменьскі мужам і бацькам . З Лявоніяй Станіславай з Судзінаў меў дзьве маленькія дачкі: 8-гадовую Янку і 6-гадовую Станіславу. З цяжкім сумам пакідаў Мінявічы, астаўляючы, па іх канфіскацыі, сям’ю на волю лёсу.
“Чалавек гэты, такім, якім быў у маладосьці, паслужыў мне як вобраз Андрэя Карчыньскага з той розьніцай, што той загінуў, а гэты многа гадоў на катарзе, а затым, там дзесьці ў стэпе”,–пісала Э. Ажэшка.
Аб далейшым лёсе Яна захаваў зьвесткі яго ўнук Станіслаў Дмахоўскі, які жыве ў Варшаве, сын наймалодшай дачкі Яна і Лявоніі Каменьскіх, Марыі. Яна прыйшла на сьвет у Омску, і потым многа расказала сыну аб сібірскім жыцьці дзеда. Захавалася шмат розных лістоў і фатаграфій. На адной з іх на адваротным баку надрукаана: “Фотография при С-Петербургской тюремной крепости.” Значыць праз Пецярбург везьлі ссыльных у Сібір. Ян Каменьскі—кропля ў пятай самай крывавай хвалі рэпрэсій 1863—64 гадоў. Яна ўражвае сваімі маштабамі—128 чалавек былі пакараны сьмерцю, 12 483 адпраўлены на катаргу і пасяленьне ў Сібір, арыштаньскія роты.
Захаваліся фатаграфіі Яна Каменьскага ў вопратцы ссыльнага. Дарога была доўгай. “Адпачывалі ў этапавых турмах у цеснаце, духаце і гразі. Слабыя паміралі ад тыфу ці ад страты сіл, а выжыўшыя былі этапаваныя далей аж да Омска. Сьнежныя завеі і бураны затруднялі рух. Трэба было цягнуцца па глыбокім па калена сьнезе, ледзьве выцягваючы з гурбаноў закутыя ў кайданы ногі.
Кайданы! Колькім беларусам дастаўся такі падарунак ад расейскіх братоў! Насілі іх над халявамі абутку, прымацаваныя рамянём да пояса. Нявідочныя для вока, пры кожным руху выдавалі востры, хоць ціхі, звон. Трэба было купіць за свае грошы спецыяльныя скураныя падкладкі, бо без іх жалезныя абручы да крыві ранілі ногі. Канструктары кандалоў добра папрацавалі. Кандалы давалі магчымасьць працаваць, таму іх ніколі не здымалі.
Ян Каменьскі прыйшоў да высновы, што толькі праца, хоць самая цяжкая, адзіны спосаб выжыць. Бо ўмовы жыцьця ў Омскай цьвердзі вялі да згубы здароўя. Таму накіраваньне на цяжкую працу ў саляварню было сустрэта з задавальненьнем. Ранкам усіх, хто працаваў выстройвалі перад кардэгардай на дзядзінцу турмы. Там “кандуктар” дзяліў катаржан на партыі і разьмяркоўваў на розныя работы. І гэта былі найлепшыя хвіліны дня.
Калі цямнела і канваір зачыняў на засоў цяжкія дзьверы камеры, калі было ўжо вядома, што ніхто з “начальства” не прыдзе, камера пачынала жыць сваім жыцьцём. Вязьні запальвалі свае сьвечкі і кожны пачынаў займацца сваёй справай: латалі адзеньне, плялі кошыкі на продаж, ігралі ў карты.
Сярод фатаграфій, якія зберагае ўнучка Яна ёсьць адна з паблёклым лесам крыжоў. На другім баку дата 4 чэрвеня 1865 г. Тлумачэньне: ”Пагост ссыльных у Кунгуры Пермскай губерніі ” і два вершаваныя радкі:
1864 год гэты ясна выкажа
Іх думкі і жарсьці.
Таму ўдзячнасьць Ім братняя,
хвала Іх памяці.
Так пражыў Ян Каменьскі цэлыя 7 гадоў. У 1871 годзе кандалы з яго былі зьнятыя і праца катаржніка зьменена на “пасяленьне.” Мог цяпер жыць пад Омскам, дазволены быў прыезд сям’і…
Лявон Карповіч
Частка I Лістападаўскае Вызвольнае Паўстаньне
Частка II Дзеяньні акупацыўных улад пасьля падаўленьня Лістападаўскага паўстаньня