Мястэчка Луна-Воля
(Краязнаўчы нарыс)
V частка
Сапегі ў гісторыі Луна-Волі
Абодва браты Мікалай і Леў былі праваслаўнымі. Дзякуючы стараньням Мікалая ў 80-90 гадах 16 веку ў Чарлёне была пабудавана царква, у якой ён быў пахаваны ў 1611 годзе, а пазьней і яго жонка.
Леў Сапега (не блытаць з вялякім канцлерам, таксама Львом Сапегам) у завяшчаньні, напісаным у Луне 20 жніўня 1610 г., выказаў жаданьне, каб яго пахавалі ў садзе маёнтку Луне. Хутка пасьля напісаньня тастаманту памёр. Яго астатнюю волю запісалі 20 верасня 1610 г. у кнігі Літоўскага трыбунала. Леў Сапега быў жанаты на Алене, дачцы мінскага кашталяна Міхаіла Гарабурды. Дзяцей у яго не было. Усю сваю маёмасьць завяшчаў сынам брата Мікалая – Яну Дамініку, Мікалаю і Фрыдэрыку, пры ўмове, што яны заплацяць яго жонцы 4 тыс. коп. грошай літоўскіх.
31 жніўня 1615 г. браты Ян Дамінік і Фрыдэрык падзялілі маёмасьць. Трэці брат Мікалай быў псіхічна хворым. Фрыдэрык атрымаў Чарлёну, а Ян Дамінік стаў гаспадаром Луны. 31.10.1637 г. Фрыдэрык Сапега, стараста Астрынскі і Гарадзенскі, разам са сваёй жонкай Крысьцінай Пацеевай каля свайго двара Чарлёна фундуюць уніяцкі манастыр для 4 манахаў-базыльянаў пры старадаўнім храме Раства Найсьвяцейшай Панны Марыі і сьвятога Мікалая. У гэтым храме, як напісана ў акце, пахаваны целы бацькоў Фрыдэрыка Сапегі – Мікалая Сапегі кухмайстра ВКЛ, Астрынскага, Луненскага старасты і Багданы Масальскай Сапегі, маці Фрыдэрыка; а таксама – манашак Ганны і Еўфрасіньні – сясьцёр-базыльянак; Мікалая Сапегі – брата і Рыгора Валовіча, старасты Рагачоўскага, Дубіцкага, Канеўскага, сына Алены Сапегі і Рамана Рыгоравіча Валовіча.
Сярод вялікай радні Мікалай меў цёзку Мікалая Сапегу, які выкраў ікону Одэньскай Багародзіцы, напісаную Сьв. Аўгусьцінам, у папы Урбана VIII, а ў 1635 г. пасьля пакаяньня прасіў пакінуць сьвятыню ў Кодыні. Кароль Ян Казімір дорыць сьвятыні рубін. З канца 17 ст. ікона мела рызу і кнігу для запісваньня цудаў ад яе. 26 чэрвеня 1723 г. сьвятыня каранавана і з 1927 г. знаходзіцца ў Кодыньскім касьцёле.
Ян Дамінік памёр пасьля 1622 г. Фрыдэрык Мікалай – у 1650. Пахавалі Ф. Сапегу ў манастыры базылянаў у Чарлёне. Ні Ян Дамінік ні Фрыдэрык не пакінулі нашчадкаў, таму іх уладаньні перайшлі да іх блізкіх кроўных. Хто стаў наступным уладальнікам Луны, невядома. Але ў 1645–1647 гг. Луна сярод іншых зямель выкупіў ад Ізабэлы Трызьніны і Андрэя Войны Павал Сапега гербу «Ліс» (1609–1665), віцебскі, потым віленскі ваявода і Вялікі гетман Літоўскі. Павал Сапега быў сынам Яна Пятра Сапегі і Соф’і з Вэйгэраў, унукам Паўла Сапегі, які згадваўся вышэй. Постаць Паўла Сапегі апісана ў рамане Генрыка Сянкевіча «Патоп.” Яго дзейнасьць патрабавала вялікіх выдаткаў, таму большасьць уладаньняў была закладзена або абцяжарана даўгамі.
У 1654-1667 гг. адбылася Маскоўская навала на землі ВКЛ. У Мастах Маскоўскае войска спаліла касьцёл. У Гарадзенскім павеце, у склад якога ўваходзіла Луна, колькасьць насельніцтва скарацілася з 174 398 чал. да 115 323. Маскоўцамі было забіта 59 075 чалавек або 33,9% насельніцтва павету. У 1655 г. ад маскоўскага войска ў Чарлёньскім кляштары хаваліся менскія манахі базыльяне.
Дакладных звестак няма, але ў 1685 годзе маёнтак Чарлёна адкупляе ад Вільчкаў Казімір Ян Сапега старэйшы сын Сапегі Казіміра Яна Паўла (каля 1642–1720), віленскі ваявода, Вялікі гетман Літоўскі. Яго хрышчоным бацькам быў сын знакамітага канцлера, потым Вялікага гетмана Літоўскага Льва Сапегі – Казімер Леў (1609–1656), вялікі пісар, потым маршалак надворны, потым Літоўскі падканцлер. Жанаты з Тэадорай Крыстынай Тарноўскай (1626–24.10.1652). Казімер Леў сваіх дзяцей не меў, таму ўсе свае вялікія ўладаньні завяшчаў хроснаму сыну Казімеру Яну, яго бацьку Паўлу Сапегу і Аляксандру Гіляры Палубінскаму.
Можна меркаваць, што наступным ўласьнікам двара Луна-Чарлёна становіцца маршалак Вялікі Літоўскі Аляксандр Павал Сапега (1672-1734) сын Казіміра Яна, полацкі ваявода. Вучыўся ў езуіцкім калегіуме ў Брунсбергу (Браневе), у 1685-1689 у Парыжы. Чашнік ВКЛ у 1692, маршалак дворны ў 1692-1698, маршалак Вялікі ў 1698-1703, 1705-1708 і з 1713. Удзельнічаў у Алькеніцкай бітве 1700, у час Паўночнай вайны 1700-1721 стаў на бок шведаў і караля Станіслава Ляшчынскага, які таксама даў яму пасаду Вялікага маршалка (1705-1708). Пасьля аднаўленьня ўлады Аўгуста II у 1709 у апазіцыі да яго. Валодаў Друяй, Іказьню, Сапежынам, Дуброўнам і іншымі маёнткамі.
10 сакавіка 1711 г. на балтыйскім ўзбярэжжы ў Караляўцы нарадзіўся яшчэ адзін з уладальнікаў Луны (Волі) Міхал Антоні. Атрымаў Еўрапейскую адукацыю, а пасьля сьмерці братоў Казіміра і Язэпа, вялікую спадчыну: Стары і Новы Быхаў, Баўкладава, Даболшча, Багуславічы, Яўсевічы, Сялец, Дзяречын, Галынка, Вострава, Зельва, Чарлёна, Луна, Лаўна. Яму належаў палац у Ружанах, маёнткі ў Жмудзі і Польшчы.
У 1741 г. разам са сваёй жонкай Кацярынай з Сапегаў выдзеліў сродкі на існаваньне Базыльянскага манастыра і царквы ў Чарлёне. Манастыру прыдавалася “вёска Казакоўцы з усімі лясамі, лугамі, агародамі, глебай і падданымі.” Новыя сродкі былі выдзелены 27 жніўня 1751 г., але пры ўмове, што манахаў павінна быць не чатыры, а пяць.
Міхал Антоні атрымаў тытул падканцлера ВКЛ, у 1744 г. узнагароджаны ордэнам Белага Арла, але расчараваўся ў дзяржаўнай службе і выйшаў у адстаўку. У 1753 г. надрукаваў кнігу твораў Вальтэра, якую сам пераклаў. У Дзярэчыне застаўся, але перароблены ў царкву, фундаваны князем касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі. 11 верасьня 1760 г. Міхал Антоні памёр у Слоніме не пакінуўшы нашчадкаў.
У завяшчаньні Міхал Антоні распараджаўся Чарлёнай, Лаўнам, Лунай, Сямаскаўшчынай, Воляй і г.д. (цяжка сказаць ці пад Лунай і Воляй разумеюцца розныя маёнткі ці адзін і той жа). Паколькі сваіх дзяцей не меў, спадкаемцам Чарлёны, Лаўна і Луны (Волі) стаў сын брата Казіміра Льва Міхал Ксаверы.
Гаспадарку Сапегі вялі пераменным посьпехам, хоць укладалі ў яе шмат таленту і намаганьняў. Часта прыходзілася закладаць частку ўладаньняў, выкупляць і зноў закладаць…
Сапега Міхал Ксаверы (1735–1766), які атрымаў у спадчыну валоданьні дзядзькі Міхала Антоні, памёр 24 лістапада 1766 г. у Беластоку. Яго пахавалі ў картузаў у Бярозе. Сваёй сям’і ён не меў і землі перайшлі да брата Аляксандра Міхала, які стаў наступным уладальнікам Луны (Волі). Аляксандр Міхал Сапега (1730-1793) канцлер ВКЛ, жанаты на Магдалене Агнешцы з роду Любамірскіх. Аляксандр Міхал распачынае актыўную гаспадарчую дзейнасьць у Дзярэчыне. Пры ім з’явілася ў яго уладаньнях бульба, якая з цягам часу стала гаспадыняй стала. На Шчары Аляксандр Міхал Сапега збудаваў паселішча Воля з прыстаньню. Цікава, што і Луненскія ўладаньні Сапегаў называліся Воля, і тут у Луне, Каўшах, Чарлёне былі прыстані. Гандлёвыя флатыліі курсавалі ад Шчары да Караляўца. З Балтыкі прывозілі заморскія тавары: соль, жалеза, французскае віно, ды ангельскае піва, шкло і посуд і, нават “арфы” ці “млыны для ачысткі зерня.” У Каралявец па Нёмне плыло жыта, пшаніца, пянька, пакульля, рагозы, футры, воск, скуры, драўніна, попел…
Аляксандру Міхалу Сапегу належалі многія паселішчы на вялікіх абшарах цяперашняй Беларусі, Польшчы ды Украіны. Але аблюбаваў ён для сваёй рэзідэнцыі на жаль не Луну, а суседні Дзярэчын. Хоць Луненскія мясьціны не саступаюць, а, на мой погляд, прыгажэйшыя за Дзярэчынскія, не кажучы пра тое, што ў Дзярэчыне няма Нёмана. У 1760-1770 гг. Аляксандр Міхал найбольш увагі аддае Дзярэчыну і будуе тут у 1765 г. тэатр, а ў 1768 г. Вайсковую акадэмію для 30 сыноў вышэйшых дзяржаўцаў ВКЛ. У 1786 г. саксонец Ян Самуэль Бэкер разам з мясцовым архітэктарам Лаўрынам Гуцэвічам будуюць палац, варты рэзідэнцыі Сапегаў. Палац упрыгожваў картуш з гербам роду Сапегаў з выявай сьвятой для ўсіх беларусаў “Пагоні”. Разам з Дзярэчынам у 18 ст. праслаўляецца на ўсю Еўропу сваімі кірмашамі невялікае дагэтуль мястэчка Зэльва. У 1720 г. Антоні Казімер Сапега атрымаў Каралеўскі прывілей на правядзеньне ў мястэчку штогадовых “ярморок ілі торгов”.
Лявон Карповіч
ІI частка “Мястэчка Луна-Воля”
ІV частка “Камень Боны Сфорцы”. Падзел маёмасьці”