З сённяшняга дня мы будзем публікаваць нарысы выдатнага краязнаўцы, жыхара Лунна Лявона Карповіча.
Фота: Уладзіслаў Мігдалёнак
Мястэчка Луна-Воля
(Краязнаўчы нарыс)
І частка
Над Лунай
“Індура, Лунна… Прыгожыя назвы вёсак непадалёку ад Гродна. Упершыню пачуў ix у раньнім юнацтве, са старонак вялікага патрапанага аднатомніка Усевалада Крастоўскага, дзе апроч любоўных вершаў (“Андалузская ночь горяча, горяча…”, “Ванька-ключник” i іншае), апроч рамана “Деды” былі яшчэ цікавыя i вясёлыя нататкі афіцэра гродзенскага, здаецца, драгунскага палка. Лунну потым я ўбачыў. Там i пачуў ад незнаёмага дзядзькі пра красу гэтай мясьціны над Нёманам: “Здаецца, браце, i хлеба трэба менш — так хораша!”
Янка Брыль “Пішу як жыву”
Луна…Колькі таямніча-чароўнага, летуценнага, ласкава-пяшчотнага у гэтай назве. Луна над Нёмнам…
Каб cпазнаць усе чары Луна, трэба выбраць летні вечар, калі сонечныя цені толькі-толькі зьніклі. У гэта імгненьне зьяўляюцца цені мінулага. У шэпце Нёмна ўзьнікаюць водбліскі вогнішча, заціхае тужлівая песьня, разносіцца лёгкі стогн, бераг ажывае. Гэта бурлакі дайшлі да адпачынку над Нёмнам. Калыхаюцца на хвалях цені караблёў. Над мостам пралятае кавалькада за шыкоўнай карэтай. Можа сам Леў Сапега аглядае свае ўладаньні. На адлегласьці пару соцень крокаў вырысоўваецца палац. Шолах доўгіх сукенак… О! Ужо і пацалунак прагучаў над люстэркамі ставаў пад покрывам паланэза Агінскага. Ці не сабраліся ў паноў Ромэраў госьці? Хто там раз-пораз нагінаецца долу, вырывае травінку, разглядае і хавае паміж лісткамі? Так, гэта яна і “людзі і кветкі над Нёмнам.” Людзі і кветкі і Эліза Ажэшка. Вось нібы маланка мільганула постаць чароўнай амазонкі на крылатым кані. Гэта кінулася ў бой за Радзіму Эмілія Плятэр. Аж ускалыхнуўся звон у касьцельнай званіцы. Бон…бон…Бона…бон… І над касьцёлам узьнікла цень у каралеўскім убраньні. Але бляск убораў не пакрывае халоднага павеву ад суровага італійскага твару фундатаркі Луненскага касьцёла каралевы Боны Сфорцы, сьпевамі званоў якога захаплялася Эліза Ажэшка. Далей шумы нарастаюць, цені ўсё гушчэй, яны мільгаюць як шпрыхі ў коле.
Шведы, расейцы, французы, палякі, немцы, бальшавікі, фашысты, камуністы… Радасьць, боль, сьлёзы, нянавісьць.. Усім насычана паветра! Душа халадзее. Дзе міласьць, дзе любоў? Павінна ж быць! Хутчэй, хутчэй, далей. Хвілінка цішы і прасторы. І зноў енкі, грымоты, метастазы расейскага мата… Не, гэта ўжо не цені. Гэта побач царквы-мураўёўкі ідзе ідэалагічнае…. мерапрыемства пад назвай дыскатэка. Царква, клуб, сельсавет утвараюць нейкі мясцовы бермудскі трохкутнік. Рэзка павернем улева, каб выйсьці з гэтае мясьціны.
Але тут, дзе празрыстай ніткай уецца, барукаючыся за жыцьцё, рачулка Лунянка, цені згусьціліся ў чорную хмару з жоўтымі шасьціканцовымі зоркамі. Дзіцячы плач, гартанныя выкрыкі на незразумелай мове, дзіўныя мелодыі, і скрыпка. Скрыпка плача і высьпеўвае смутак, нібы пытае: чаму? Чаму нас забылі? А нас было 1549. 1549 жыхароў Луны сталі ценямі і зьвяртаюцца да жывых – успомніце, дайце нам знак, што вы памятаеце. Ці пачуюць? Ноч хавае цені.
“Апяклі мяне росы раньнія,
Краскі водарам абдалі,
Прыпадаю я сэрцам раненым
Да каханай сваёй зямлі.
А яна, на кускі пакрамсаная,
У хлусьлівым чужым тумане,
Плугам родных сыноў неўзараная,
Ціха помачы просіць у мяне.”
Л. Геніюш
І сапраўды, як водарам абдаў Бел-Чырвона-Белы Сьцяг…і надпіс “Жыве Беларусь!”
Гэта знак таго, што ўсё будзе яшчэ добра!
Як жа узьнікла гэта цудоўная назва Луна?
Балта-яцьвягі маглі даць такую назву ад слова Lіunas, што значыць балота. Бо мясьціна тут да сярэдзіны ХХ стагодзьдзя была вельмі балоцістай. І славяне крывічы ці дрыгавічы далі б такую назву, бо амаль заўсёды вісеў у вышыні зоркі шуляк, выглядаючы здабычу. Шуляк ці лунь балотны. Ён і гняздаваўся тут, гэты прыгожы, сівы як лунь, драпежнік.
Фота: Лунь на паляваньні
Называлася гэта паселішча дакладна так – Луна. Гэтаму ёсьць многа доказаў.
Так на карце Вялікага Княства Літоўскага, выдадзенай Мікалем Радзівілам-Сіроткам у 1613 годзе, складзенай Томашам Кшыштафам Макоўскім у Нясьвіжы выразна напісана Luna.
Фота: Фрагмент Карты Вялікага Княства Літоўскага 1665 года. Зноў Luna.
Так і на карце замежнага выданьня: карта ВКЛ і Русі Белай з Нюрынбергу ад 1687 г., карта ВКЛ з Нюрынбергу ад 1710 г., карта ВКЛ з Амстэрдаму ад 1733 г. Луна згадваецца разам з Гроднам, Мастамі, Ваўкавыскам, Слонімам.
Фота: Фрагмент Карты Слонімскага намесьніцтва 1796 г.
Гістарычная назва Луна (з адным “н”) трымалася вельмі доўга. У заяве вучыцелек Волькі Рубаніхі і Галены Бубяненкі ў Вучыцельсую раду Гарадзеншчыны (так у арыгінале) ад 20.9. 1919 г. напісана: “Не зрабіўшы нічога ў Луне, нам вельмі не хацелася ехаць з пустымі рукамі ў Гарадзен…” Дый цяпер жыхары навакольных вёсак кажуць: “Паеду да Луны….” Гучыць, як да цёткі ў госьці. Калі з’явілася другая “н” у назве Луна дакладна цяжка сказаць. Хутчэй за ўсё пасьля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай, калі тэрыторыя Вялікага Княства была акупавана Расейскай імперыяй. Так, у Рапартах земскага спраўніка Гарадзенскаму губернатару ад 1862 года друкуецца ўжо “Лунна.”
Фота: Луна і Воля на карце пачатку 20 ст.