Словазлучэнні “мой горад”, “наш горад”, “родны мой горад” сталі настолькі звыклымі, што мы нават не задумваемся, што на самой справе яны азначаюць. Ці павінны азначаць.
Наш горад – гэта, трэба меркаваць, свой, беларускі. Дзе кожная вулачка, кожная назва павінна напамінаць, дзе мы жывем, адзывацца любоўю і лагодай да свайго, роднага краю. Мяркую, гэта так.
Што ў першую чаргу з’яўляецца тварам горада? Правільна – яго вуліцы. Перш за усё – назвы яго вуліц. Вось тут і адкрываецца непрыемная навіна – а сваіх, родных беларускіх вуліц у нас у горадзе – раз-два, і усё…
Ці не так?
Галоўная вуліца горада называецца традыцыйна для неіснуючага ўжо амаль чвэрць стагоддзя СССР – Савецкая. Саветаў няма, вуліца – ёсць. Чаму так? Звычайнае – няхай стаіць? Настальгія па камуністычным часам? Або традыцыйнае – “няхай, есці не просіць”? Няхай. Дзе іх няма, гэтых “савецкіх”? Мы не выключэнне…
Такіх “савецкіх” па Мастах дзесятка два набярэцца.
Вуліца Будзёнага. Таго, “з вусамі”. Герой Беларусі? Вызваляў Масты? Ці ўвогуле Сямён Міхайлавіч быў у нашым горадзе? Адкуль тады назва? Якое дачыненне да нас мае былы савецкі ідал?
Вуліца Дзяржынскага. Славуты бальшавіцкі чэкіст, кіраўнік ВЧК і ОГПУ. Арганізатар массавага тэррору супраць свайго ж насельніцтва. Так, нарадзіўся ў Беларусі (цяперашні Валожынскі раён). Але ці варта шанаваць памяць аб людзях, у якіх рукі па локаць у крыві грамадзян сваёй краіны? Дарэчы, вуліцы Дзяржынскага ёсць, бадай, у кожным беларускім горадзе. Сумна, але факт.
Вуліца Калініна. Памятаеце “усесаюзнага старасту”? Міхаіл Іванавіч узначальваў камісію па расследаванню судовых спраў, да яго пісалі роспачныя лісты родныя і блізкія рэпрэсаваных. З апошняй надзеяй. Лісты ішлі эшалонамі, а “стараста” ставіў на іх крыжык: “маўляй, прачытана”. Разбірацца з трагедыямі людзей яму не было калі – былі справы пацікавей. За што мы шануем памяць гэтага “героя”?
Вуліца Кірава. Можа, і нядрэнны быў чалавек. Яле якое ён мае дачыненне да Мастоў?
Клара Цэткін, вельмі неадназначная асоба. Адзін з лідэраў міжнароднага камуністычнага руху. Ніколі не была ні ў Мастах, ні ў Беларусі. Тое самае пытанне: якое дачыненне мае Цэткін да нашага гораду? З другога боку, раз ёсць Клара Цэткін, павінна быць і Роза Люксембург: у жыцці яны не расставаліся.
Вуліца Катоўскага. “Лысы” камандарм. Былы крымінальнік. Ваяваў на баку бальшавікоў у Грамадзянскай вайне. Ні да Мастоў, ні да Беларусі дачынення не мае, як і другі падобны персанаж – Васіліь Чапаеў, вуліца імя якога таксама ёсць у Мастах.
Вуліца Фрунзе. Тое самае пытанне. А ёсць яшчэ і аднайменны перавулак!
Вуліца Леніна і Энгельса – дзеячы вядомыя, але ж зноў-такі: калі Ленін хоць некім бокам “прычасціўся” да беларускай гісторыі, то пры чым тут Энгельс?!
Вуліца Суворава. Назваць у Беларусі вуліцу імем гэтага князя – тое самае, што назваць, напрыклад, вуліцу у Тэль-Авіве імем Адальфа Гітлера. Аляксандр Васільевіч – нацыянальны герой Расіі, а для Беларусі ён – самы натуральны кат, які задушыў у крыві паўстанне Касцюшкі. Пасля “пераможнага паходу” Суворава беларуска-польскія землі канчаткова былі акупаваныя Расеяй. Дарэчы, як раз з гэтага часу на нашы землі прыйшло рабства – Расія ўвяла на заваяваных тэрыторыях “прыгоннае права”, якога ніколі не было ні ў Рэчы Паспалітай, ні ў ВКЛ. Шануем, землякі?
Пралетарская, Кастрычніцкая, Чырвонафлотская… Дарэчы, дзе ў сухапутнай Беларусі ваенны флот?
Горкага, Пушкіна, Чэхава, Лермантава – вялікія пісьменнікі, ніхто не спрачаецца. Але пры чым тут Масты? Пры чым – Беларусь? Пушкін з Чэхавым хоць радок напісалі пра наш край? Затое вуліцы нашай зямлячкі Элізы Ажэшка – няма. Дзіва!
А дзе ж “нашы”? Іх надзіва мала. Па пальцах:
Белуша – беларускага партызана, удзельніка ВАВ;
Васіля Валадося – кіраўніка Мастоўскай сяльгастэхнікі;
Даватара – героя СССР з-пад Лепеля;
Заслонава – легендарнага партызана Аршаншчыны;
Каліноўскага – герой вызваленчага паўстання супраць Расейскай Імперыі;
Клімука – беларускага касманаўта;
Максіма Багдановіча – нашага славутага паэта;
Прытыцкага – вядомага ваеннага і палітычнага дзеяча БССР;
Тордзія – героя, загінуўшага ў баях за наш горад;
Якуба Коласа і Янкі Купалы – легендарных песняроў беларускай зямлі.
Сумна. Мы, беларусы, Мастаўчане, воляй-няволяй шануем памяць аб чужых нам дзеячах і падзеях. Іншы раз аб тых, хто праліваў кроў нашых дзядоў і прадзедаў. Ці можа быць нашым горад, дзе нават назвы вуліц – не нашыя?
Зміцер Каханоўскі