Цырымонія ўручэння прэміі “За свабоду думкі” імя Васіля Быкава адбылася 21 чэрвеня, суботу, традыцыйна на радзіме пісьменніка – у вёсцы Бычкі на Віцебшчыне. Яе ўладальнікам стаў вядомы гродзенскі бард, акцёр і шоўмен Віктар Шалкевіч.
“Выдатна, што я атрымаў прэмiю “За свабоду думкi”. У мае 55 год час нешта атрымлiваць. І ўвогуле, прэмiя iмя Быкава – гэта не абы што i да мяне яе атрымлiвалi не абы якiя людзi”, – напаўжартоўна-напаўсур’ёзна пракаментаваў уганараванне кандыдат для Pyx.by.
Прэмія “За свабоду думкі” імя Васіля Быкава заснаваная лідарам Руху “За Свабоду” ў 2008 годзе. Ідэя ўзнікла пасля атрымання Аляксандрам Мілінкевічам прэміі “За свабоду думкі” імя Андрэя Сахарава, якую ўручае Еўрапарламент.
Прэміяй “За свабоду думкі” ўзнагароджваюцца асобы, якія праявілі сябе грамадскай і творчай дзейнасцю на карысць Беларусі і Свабоды.
Лаўрэатамі прэміі мінулымі гадамі станавіліся літаратары Рыгор Барадулін, Уладзімір Арлоў, палітык-літаратар Павел Севярынец, затым мастак Алесь Пушкін, краязнаўца Ада Райчонак, палітык-паэт Уладзімір Някляеў, музыка Лявон Вольскі і краязнаўца Алесь Белакоз, летась – музыка Зміцер Вайцюшкевіч і мастак Алесь Марачкін.
“Лаўрэатаў прэміі “За свабоду думкі” вызначае не Рух “За Свабоду”, а выбітныя людзi Беларусi. Спачатку, у 2008 годзе, быў складзены cпic з 50 найбoльш вядомых лiдараў думак, якія і вызначылі першых уладальнікаў прэміі. У наступныя гады iмёны пераможцаў сталі называць лаўрэаты папярэдніх гадоў. Такім чынам, журы кожны год папаўняецца аўтарытэтнымі асобамі. Лiчу такi прынцып вельмi справядлівым і аб’ектыўным”, – кажа старшыня Руху “За Свабоду” Аляксандр Мілінкевіч.
Крыніца: www.pyx.by