Камітэт дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці праверыў, як развіваецца птушкагадоўля на фабрыках рэгіёна. Вынік кантрольных мерапрыемстваў несуцяшальны: не выконваецца частка праграмы па вытворчасці курыных яек, не забяспечваецца прыбытковае вядзенне птушкагадоўлі. Апрача таго, рэнтабельнасць прадукцыі ў яечнай прамысловасці і ў вытворчасці мяса куранят-бройлераў значна падае.
Адной з прычын нізкай рэнтабельнасці ў птушкагадоўлі з’яўляецца высокі кошт кармоў. Пры гэтым на птушкафабрыках, якія маюць збожжа ўласнай вытворчасці, кошт камбікорму ў сярэднім на 30% меншы, чым у птушкафабрык, якія набываюць збожжавую групу.
На зніжэнне ўзроўню рэнтабельнасці ад рэалізацыі прадукцыі аказвае ўплыў сезонны спад попыту на курыныя яйкі ў летні перыяд. Каб пазбегнуць псавання прадукцыі, ААТ “Бераставіцкая птушкафабрыка” ў маі-жніўні мiнулага года рэалізавала 2116 тысяч штук яек на экспарт з сярэдняй цаной рэалізацыі 497 000 рублёў за 1000 штук. Страта ад гэтага склала 218 млн рублёў, рэнтабельнасць рэалізацыі — мінус 18,9%, а рэнтабельнасць продажу — мінус 20,7%. Аналагічная сітуацыя адзначана ў ДП “Шчучынская ППРФ”.
Пры гэтым у вобласці ёсць магутнасці па перапрацоўцы яек у міжсезонны перыяд. Так, у ААТ “Птушкафабрыка “Слонімская” ў верасні 2011 года рэалізаваны інвестыцыйны праект “Будаўніцтва цэха глыбокай перапрацоўкі яек”, які прадугледжваў перапрацоўку 150 000 штук курыных яек за смену ў выглядзе вадкіх пастэрызаваных сепарыраваных яйцапрадуктаў (меланж, жаўток і бялок), на выкананне якога выдаткавана €617 тысяч. Аднак адсутнасць дакладнай каардынацыі дзеянняў птушкафабрык па пастаўцы яек, непрадуманая маркетынгавая і цэнавая палітыка прывялі да таго, што ў 2012 годзе цэх быў загружаны толькі на 12%, а большасць птушкафабрык рэалізавалі прадукцыю за межы краіны, губляючы грошы.
Сітуацыя істотна не змянілася за 11 месяцаў мiнулага года. Акрамя таго, у ААТ “Птушкафабрыка “Слонімская” Слонімскага раёна дагэтуль у незавершаным будаўніцтве лічыцца аб’ект “Кацельня-цэх па вытворчасці яечнага парашку”, узвядзенне якога пачалося яшчэ ў 2006 годзе. Затраты па незавершанай рэканструкцыі з улікам пераацэнкі склалі 1 млрд 785 млн рублёў.
Некаторыя птушкафабрыкі рэгіёна парушаюць тэхналогію вытворчасці яек і мяса птушкі. Прычына ў тым, што своечасова не набываецца ў дастатковай колькасці рамонтны маладняк, дапускаецца ператрымка пагалоўя курэй у сувязі з адсутнасцю уласных забойных цэхаў альбо з-за недастатковасці існуючых магутнасцей. Так, у філіяле “Дзітва” ААТ “Лідахлебапрадукт” Лідскага раёна загінула 14 595 галоў птушкі (у асноўным у перыяд з лістапада 2012-га па сакавік 2013 года), што было выклікана затрымкай з пастаўкай маладняку, адсутнасцю паўнавартаснай выбракоўкі слабай птушкі. Маюць месца факты эксплуатацыі аб”ектаў без іх уводу ва ўстаноўленым парадку, што таксама прыводзіць да гібелі птушкі.
У ходзе праверкі выяўлены і іншыя парушэнні. Усяго ўстаноўлена неэфектыўнае выкарыстанне грашовых сродкаў на суму 9 млрд 425 млн рублёў, у тым ліку 5 млрд 497 млн рублёў бюджэтных сродкаў. Накладзена штрафных санкцый больш за 122 млн рублёў. Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута 11 чалавек, распачаты 3 крымінальныя справы.
Калегія КДК рэкамендавала вывучыць пытанне мэтазгоднасці рэарганізацыі птушкафабрык шляхам іх аб’яднання з сельгасарганізацыямі з тым, каб стварыць уласную кармавую базу. Неабходна таксама прапрацаваць пытанне аб стварэнні ўласнай тавараправоднай сеткі за мяжой для правядзення скаардынаванай цэнавай і маркетынгавай палітыкі пры рэалізацыі прадукцыі на экспарт.
Крыніца: www.tut.by