Нарэшце праваслаўныя жыхары Галубоў і навакольных вёсак пазбавяцца ад неабходнасці рабіць шматкіламетровыя падарожжы, каб справіць рэлігійныя абрады: пахрысціць дзіця, асвяціць яйкі або абвянчацца.
На сённяшні дзень бліжэйшая царква ад Галубоў – гэта царква ў Орлі. Можна паехаць і ў Турэйск, але тут узнікае пытанне: як перабрацца праз Нёман? Ды і “прыпісаны” Галубы менавіта да Орлі.
Рашэнне будаваць царкву ў Галубах цалкам слушнае. Справа ў тым, што на тэррыторыі Мастоўскага района менавіта вёскі Ліпічанскай пушчы не маюць аніводнай царквы. Галубы, Шасцілы, Стукалы, Руда Ліпічанская, Чарлёнка, Шчара, Маскалі, Ярчакі – ні ў адной з гэтых вёсак няма нават каплічкі. Праўда, некалі стаяла царква каля вёскі Шчара, але ў гады вайны яна згарэла.
Па сённяшні дзень жыхары Галубоў збіраюцца на набажэнствы ў прыстасаваных памяшканнях аднасяльчан. Па меркаванню будаўнікоў, ужо ў наступным годзе царква будзе гатова. Засталося ўзвесці купал, завяршыць аздобныя працы – і царква прыме сваіх прыхажан. Дай Бог!
Зміцер Каханоўскі