10 студзеня 75-гадовы юбілей адзначыў Яраслаў Іванавіч Клімуць — былы дэкан філалагічнага факультэта Магілёўскага Дзяржаўнага Універсытэту, дацэнт, кандыдат навук, вядомы беларускі пісьменнік і літаратурны крытык, выдатны педагог. Сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў. Клімуць Яраслаў Іванавіч нарадзіўся ў в. Вострава Мастоўскага р-на. Вучыўся ў Востраўскай пачатковай школе, у Гудзевіцкай СШ Мастоўскага р-на. У 1958-59 працаваў у калгасе, у сельскай краме. У 1959-62 – у войску. Скончыў філфак БДУ (1967). У 1967- 68 – настаўнік 8-годкі ў в. Дубаўцы (Ваўкавыскі р-н), у 1968-69 – у рэдакцыі уздзенскай райгазеты “Чырвоная зорка”. У 1969-75 выкладаў беларускую мову і літаратуру у Ліцвянскай СШ на Уздзеншчыне.
З 1975 працуе на кафедры беларускай літаратуры Магілёўскага педінстытута (ўніверсітэта). Завочна скончыў аспірантуру ў Інстытуце літаратуры Акадэміі навук Беларусі. У 1979 г. абаранiў кандыдацкую дысертацыю (“Якуб Колас і руская савецкая паэзія”, нав. кіраўнік – доктар фiлалагiчных навук Ю.С. Пшыркоў). Чытаў курсы ўводзiн у лiтаратуразнаўства, гiсторыi беларускай лiтаратуры, гiсторыi беларускай лiтаратурнай крытыкi, лiтаратурнага краязнаўства i iнш. З 1989 па 2001 год быў дэканам філалагічнага факультэта. Iнiцыятар i актыўны ўдзелельнiк стварэння ўнiверсiтэцкага лiтаратурнага музея. Першы літаратурна-крытычны выступ – у раённым друку ў 1967, у рэспубліканскім публікуецца з 1974.
Сфера асноўных навуковых iнтарэсаў Я. Клiмуця – узаемасувязi славянскіх лiтаратур, творчасць Я. Купалы i Я. Коласа, сучасная беларуская проза. Апублiкаваў манаграфiю “Жыццёвасць традыцый: Якуб Колас і руская савецкая паэзія” (Мінск, 1985) i каля 140 лiтаратурна-крытычных артыкулаў.
З 2006-2007 навучальнага года з’яўляецца сумяшчальнікам па кафедры беларускай літаратуры (асноўнае месца працы – кафедра англійскага, агульнага і славянскага мовазнаўства). Старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны.
Алена Вабішчэвіч